Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прагназуе ў 2009-2010 гадах у Вілейцы, Смаргоні і Астраўцы рост беспрацоўя. Аддзелы занятасці ў гэтых гарадах сцвярджаюць, што сітуацыя ў іх стабільная.
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, спасылаючыся на прэс-службу беларускага ўрада, распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што ў 2009-2010 гадах у 21 малым горадзе Беларусі прагназуецца складаная сітуацыя на рынку працы. Сярод іх называюцца Вілейка, Смаргонь і Астравец.
Па інфармацыі БелаПАН, па прапановах аблвыканкамаў гэтыя гарады ўключаныя ў Дзяржаўную праграму садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на бліжэйшыя два гады, якую распрацавала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вілейскага райвыканкама Таццяна Цітуленка паведаміла "РГ", што пакуль нічога не ведае пра ўдзел Вілейкі ў гэтай праграме.
Не ўсе рэгіструюцца
Па яе словах, афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў горадзе і раёне нязначны - менш за 1%. Хаця ў параўнанні з іншымі гарадамі Мінскай вобласці ён лічыцца высокім. "Магчыма, вобласць мае нейкую іншую інфармацыю, чым мы, - гаворыць начальнік аддзела занятасці. - Летась мы праводзілі па замове аблвыканкама анкетаванне насельніцтва з мэтай выяўлення схаванага беспрацоўя. Дадзеныя апрацоўваліся ў Мінску. На адным з пасяджэнняў мы атрымалі інфармацыю, што рэальнае беспрацоўе ў Вілейцы складае 16%".
Як расказвае Таццяна Цітуленка, далёка не ўсе беспрацоўныя прыходзяць рэгістравацца ў службу занятасці. На яе думку, гэта можа быць звязана з невялікім памерам дапамогі па беспрацоўі - цяпер яна складае каля 40 тысяч рублёў. Прычым права на дапамогу ад службы, па працоўным заканадаўстве, маюць не ўсе беспрацоўныя, а толькі тыя, хто быў звольнены па пэўных правілах. Напрыклад, пасля заканчэння тэрміну кантракта ці па пагадненні бакоў. З іншага боку, звальненне па ўласным жаданні не з'яўляецца "здавальняючай прычынай" для пастаноўкі на ўлік з выплатай дапамогі.
Па аповедзе начальніка аддзела, на ўлік можна стаць і без выплаты дапамогі. Але такая пастаноўка не дае ніякай практычнай карысці: працоўны стаж не працягваецца, а інфармацыя пра вакансіі і так агульнадаступная для ўсіх жыхароў. Яна вывешваецца на стэндах у цэнтры занятасці. Прыйсці пацікавіцца месцамі працы і атрымаць інфармацыю можа любы чалавек, не зарэгістраваны ў аддзеле.
Другой рэччу, якая, на думку начальніка, можа адштурхоўваць беспрацоўных ад афіцыйнай рэгістрацыі, гэта абавязак усіх, хто стаіць на ўліку, удзельнічаць 10 дзён у грамадскіх работах. Найбольш распаўсюджаным і вядомым відам гэтых работ з'яўляецца праца на сельгаспрадпрыемствах. "Некаторым гэта не падабаецца, - лічыць Таццяна Цітуленка. - Хаця, наадварот, ёсць такія людзі, якія ўвесь час самі ездзяць з жаданнем. Тым больш, што гаспадаркі добра плацяць - грашыма або натурай". Удзел у грамадскіх работах, дарэчы, з'яўляецца шансам для тых, хто не атрымлівае дапамогі, усё ж такі яе атрымаць. Для гэтага трэба паездзіць на палявыя работы 21 дзень.
Афіцыйны ўзровень зніжаецца
Па словах Таццяны Цітуленкі, узровень афіцыйнага беспрацоўя ў Вілейцы ўвесь час зніжаецца. "Быў пік, калі адбываліся скарачэнні на буйных прадпрыемствах горада ў 1995-1996 гадах. Адзін "Зеніт" тады даў некалькі тысяч беспрацоўных. Калі раней на ім працавалі пяць тысяч чалавек, то цяпер - крыху больш за тысячу, - гаворыць яна. - Але з таго часу людзі даўно ўладкаваліся: хто выехаў, хто стаў прадпрымальнікам, хто перайшоў на іншую працу".
Начальнік аддзела занятасці павелічэння ўзроўню беспрацоўя ў бліжэйшыя гады ў Вілейцы не чакае. Сцвярджае таксама, што няма тэндэнцый да ўзнікнення беспрацоўя ў якіх-небудзь пэўных сферах ці прадпрыемствах. На першае снежня на ўліку ў службе стаялі 163 чалавекі, з іх 127 - жыхары горада, 36 - раёна. На пытанне, адкуль прыходзяць беспрацоўныя, супрацоўнікі аддзела кажуць - усе па-рознаму. Абавязкова стараецца стаць на ўлік сацыяльна неабароненая катэгорыя грамадзян - адзінокія, шматдзетныя маці, людзі перадпенсійнага ўзросту, інваліды, сіроты і інш. Такіх людзей цяпер зарэгістравана 57, гэта значыць, трэцяя частка ад агульнай колькасці.
"Нізкі ўзровень беспрацоўя не з'яўляецца галоўнай мэтай, бо ён можа не сведчыць пра добрае функцыянаванне эканомікі, - кажа Таццяна Цітуленка. - Калі ў яе ўкараняюцца новыя тэхналогіі, абсталяванне, гэта непазбежна выклікае рост беспрацоўя, бо патрэбная ўжо меншая колькасць работнікаў".
Шмат вакансій для мужчын
Больш за 90% зарэгістраваных у вілейскай службе занятасці - жанчыны. Мужчынам, па словах начальніка, лягчэй знайсці працу. Першага снежня ў спісе аддзела былі 194 вакансіі, пераважна мужчынскія. Прычым апошнім часам, гаворыць Таццяна Цітуленка, патрабуюцца кваліфікаваныя работнікі, якія маюць разрады. Запытаў на рознарабочых даўно не сустракалася.
Першага снежня патрабаваліся машыністы экскаватара, фрэзероўшчыкі, муляры, жывёлагадоўцы, трактарысты, электраманцёры, інжынеры. Зарплаты, якія прапаноўвалі наймальнікі, вар'іраваліся ад 220 да 900 тысяч рублёў. На "жаночыя" спецыяльнасці - ад 150 да 450 тысяч. Жанчыны мелі магчымасць уладкавацца швачкамі, даяркамі, прадаўцамі, афіцыянтамі, прыёмшчыцай заказаў. "Той, хто хоча знайсці работу, той знаходзіць, - лічыць Таццяна. - Больш за год у нас звычайна людзі не затрымліваюцца. Прапаноў шмат. Адзінае, каб зарплата задавальняла".
На думку начальніка аддзела занятасці, добрым варыянтам для гараджан з'яўляецца праца ў вёсцы. Там часцей за ўсё прапаноўваецца адразу жыллё. Аддзел дапамагае з перавозам рэчаў. Іншыя магчымасці, якія прапануе служба занятасці, - курсы перакваліфікацыі, пазыкі і беззваротныя субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. Апошнімі сёлета скарысталіся 15 чалавек.
Па дадзеных на першае ліпеня, больш за ўсё было зарэгістравана беспрацоўных ва ўзросце ад 20 да 24 гадоў і ад 40 да 54. Таццяна Цітуленка расказвае, што для моладзі, якая не мае стажу, ёсць так званая "моладзевая практыка": аддзел знаходзіць на паўгода працоўнае месца ў якой-небудзь арганізацыі і сам выплачвае зарплату. Пасля спецыялісту ўжо лягчэй атрымаць пастаянную работу.
"Я не ведаю, чаму нас уключылі ў праграму садзейнічання занятасці насельніцтва. Ніякім расаднікам беспрацоўя мы не з'яўляемся, - лічыць Таццяна Цітуленка. - Але гэта добра. Мы не адмаўляемся ад любога садзейнічання, калі гэта прынясе карысць нашым жыхарам. Напрыклад, тое, што мы трапілі з 2007 года ў праграму падтрымкі малых гарадоў, вельмі карыснае для Вілейкі".
Вольга Рудніцкая