Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Уладзімір Бадзееў 29 красавіка быў звольнены са сваёй пасады пасля выхаду з бальнічнага. Абавязкі начальніка цяпер выконвае намеснік Ларыса Петрыкевіч.
Пра гэта нашаму выданню стала вядома з кампетэнтных крыніц. Пакуль Уладзімір Бадзееў знаходзіўся на бальнічным, звольніць яго па заканадаўстве не маглі. Як толькі ён выйшаў з бальнічнага, быў складзены акт прыёма-перадачы спраў, і начальніка вызвалілі ад абавязкаў. Вядома таксама, што іншых кадравых змяненняў у райвыканкаме няма. Нагадаем, што напярэдадні звольнілі таксама начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму Віталя Вайду
(“РГ” №17 ад 25 красавіка).
Прычынай звальненняў стала
дарожна-транспартнае здарэнне на вязынскай дарозе, у якім 7 красавіка сутыкнуліся дзве службовыя “Волгі” аддзела адукацыі і лясгаса. У аварыі траўмы атрымаў галоўны інжынер лясгаса Міхаіл Басацкі. Па сённяшні дзень ён знаходзіцца ў бальніцы.
Як расказала “РГ” намеснік дырэктара лясгаса Таццяна Анішчык, Міхаіл Басацкі ідзе на папраўку. Пра гэта гавораць дактары. Сам пацыент на званкі на мабільны тэлефон не адказвае. Па словах Таццяны Анішчык, у аварыі галоўны інжынер атрымаў моцныя ўдары і асколкавы пералом нагі. Цяпер яму лечаць удары. Трэба, каб прайшлі сінякі і ацёкі, потым будуць рабіць аперацыю, складаць косці нагі.
Тым часам стала вядома, што ў вышэйстаячыя органы ўнутраных спраў паскардзіўся сын Міхаіла Басацкага на тое, што райаддзел міліцыі да гэтай пары не прыняў ніякага рашэння па ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце здарэння на вязынскай дарозе. Намеснік начальніка Вілейскага райаддзела ўнутраных спраў Андрэй Дударчык 30 красавіка паведаміў у інтэрв’ю “РГ”, што праводзіцца дасканалая праверка, прызначаныя ўсе неабходныя экспертызы.
“Па законе наша работа па праверцы здарэння не пратэрмінаваная. Нам трэба ўважліва ва ўсім разабрацца, каб пасля не было на нас ніякіх крыўдаў”, – сказаў Андрэй Дударчык.
Сяргей Зянько