
Напрыканцы 2003 года, калі свет пабачыў новы зборнік паэзіі светлай памяці Івана Лашуткі “Святло Слова”, яму было прапанавана адказаць на два пытанні. Але надрукаваны тыя адказы так ні дзе і не былі. І сёння, калі паэта ўжо няма з намі, мы друкуем невядомыя яго ўласныя матэрыялы і матэрыялы пра яго.
Сяргей Макарэвіч:
– Які змест укладалі Вы ў гэтую цудоўную назву Вашага новага паэтчынага зборніка – “Святло Слова”?
Іван Лашутка:
– Вы, напэўна, ведаеце мудрае народнае выказванне аб тым, што слова можа ўзвысіць і акрыліць чалавека на бодрыя ўчынкі і справы і слова, (асабліва, калі яно крыўднае, несправядлівае) – можа нанесці вялікую траўму, цяжкую рану чалавечаму сэрцу. Але заўсёды будзем памятаць даўно сказанае ў адной са Свяшчэнных Кніг Дабравесця выслоўе аб тым, што першым было Слова –Любоў, і першай весцю было Слова – Бог.
На жаль, змест жыцця, па вялікім рахунку, складае Дабро і зло. І раскрываючы сутнасць закона барацьбы супрацьлегласцей, дыялектычны матэрыялізм, як частка марксіскай філасофіі, на працягу амаль стагоддзя абходзіў такі найвялікшы пласт духоўнай культуры, якім з’яўляецца рэлігійнае вучэнне. І сёння на ўроках вы яшчэ чуеце не аб Боскім пачатку ўсяго жывога на Зямлі, а так называемае “матэрыялістычнае вучэнне” з яго прагматызмам, непрымірымасцю іншых думак і меркаванняў. І амаль ніхто з гэтых настаўнікаў не задумваўся, а чаму славутыя Нобелеўскія лаўрэаты – біёлагі, фізікі, хімікі ў канцы свайго жыццёвага шляху прыходзілі да прызнання адзінага, мудрага і вялікага стваральніка – Бога.
Вось чаму ў кнізе “Святло Слова” мне хацелася, каб такі загадкавы, неспазнаны духоўны свет, які часта называюць святым сумленнем, чытачы спасціглі розумам і пачуццямі душы і сэрца. Калі нават хоць адзін радок абудзіў памкненне зрабіць добры ўчынак – я бязмерна буду рады.
Сяргей Макарэвіч:
– Якія праблемы сусветнага маштабу выходзяць сёння на галоўны шлях развіцця грамадства? Што найбольш хвалюе сёння Вас?
Іван Лашутка:
– У роздуме, сумненні, адчаі і пошуку – нараджаецца паэтычны радок, жаданне знайсці першапрычыну нашых зямных бед і няшчасцяў. Мне вельмі хацелася б, каб дзеці планеты Зямля пачулі маё пажаданне ім:
Вы з розных сцежак ідзяце да Бога,
А Ён – адзіны, добры, мудры маг,
Зрабіце ж у жыцці зусім нямнога –
Вазьміціся за рукі. І верным будзе шлях.
Класавая барацьба – галоўны наступ марксісцкага вучэння – не знішчыў капіталізм ва ўсім свеце. Хаця ёй, класавай барацьбе, прадракалася быць магільшчыцай гэтага ладу жыцця. Вельмі памылыліся мае настаўнікі, патрабуючы ад нас веры іхняму слову.
Што сёння найбольш трывожыць сусветную грамадскасць у плане абароны бяспекі жыцця на Зямлі пры наяўнасць найвялікшых разбуральных сіл сучаснай зброі? На жаль, і сёння светам кіруе падман і несправядлівасць, імкненне панаваць над іншымі. І гэта пры тым, што кожны ведае часовасць свайго зямнога існавання. І забыты амаль усімі нябесны суд…
Дзіўна, але вялікую трывогу выклікае сёння непрымірымасць розных рэлігійных канфесій, якая нараджае ў свядомасці людзей неабгрунтаваную правату сваёй выключнасці, нецярпімасці да іншых традыцый, думак і поглядаў. А калі б чалавецтва імкнулася выканаць хоць адзін Боскі запавет – “Не забі…” – то якой бы непазнавальнай стала мараль і ўвесь лад зямнога быцця.
Аб усім гэтым думалася мне пры напісанні кнігі “Святло Слова”.
Фота: Сяржук Макарэвіч